Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Група былых беларускіх палітвязьняў з Украіны праз Польшчу прыехала ў Вільню. ФОТА і ВІДЭА

абноўлена

Сустрэча з Паўлам Севярынцам
Сустрэча з Паўлам Севярынцам

Больш за 100 былых беларускіх палітвязьняў, 13 сьнежня вывезеных ва Ўкраіну, раніцай 18 сьнежня прыбылі ў Варшаву, а каля 20 зь іх апоўдні прыехалі ў Вільню.

Большая частка былых палітвязьняў засталася ў Польшчы, частка пераехала ў Літву, дзе арганізаваны іх прыём. Іх прывезьлі на ўкраінскім аўтобусе, які выкарыстоўваюць для перавозкі вызваленых палонных.

Экс-палітвязьняў у Вільні сустракалі валянтэры, журналісты, палітыкі.

Беларусы сустракаюць аўтобус з палітзьняволенымі
Беларусы сустракаюць аўтобус з палітзьняволенымі
Аўтобус з палітзьняволенымі
Аўтобус з палітзьняволенымі

У Вільню сярод іншых прыбылі палітык Павал Севярынец і праваабаронца Ўладзімер Лабковіч.

Павал Севярынец, Вільня
Павал Севярынец, Вільня

Ўладзімер Лабковіч у Вільні, сярод іншага, сказаў:

«У мяне сям’я ў Літве, там праваабарончы цэнтар дзейнічае, а я больш нічога ня ўмею рабіць. Буду вельмі ўдзячны, калі змагу працаваць, бо хачу займацца праваабарончай дзейнасьцю. Папраўдзе ніхто з нас яшчэ ня спаў з моманту нашага вызваленьня. Бо гэта вельмі вялікі эмоцыі. Я вельмі хачу пабыць са сваёй сям’ёй. Яны сапраўдныя героі для мяне, бо ім было цяжэй. За гэта я вельмі ўдзячны маім дзецям, якія вялікі час пражылі без мяне. Зараз мая дачка не змагла сюды прыйсьці, мусіла пайсьці на іспыт, і я вельмі хачу пабыць зь ёй і са сваёй сям’ёй, у першую чаргу. Спадзяюся, што мае калегі паставяцца да гэтага з паразуменьнем».


Уладзь Лабковіч
Уладзь Лабковіч

Лабковіч паведаміў таксама, што не чакаў вызваленьня, бо адміністрацыя калёніі настройвала яго, што ў канцы году будуць праводзіць працэдуру паводле 411 артыкулу КК, нефармальна намякалі, што тыя тэрміны, якія ёсьць, ня маюць для іх ніякага значэньня.

Уладзь Лабковіч выказаўся аб пэрспэктывах далейшага вызваленьня палітычных вязьняў:

«Напэўна вызваляць усіх. Я вельмі гэтаму рады, спадзяюся гэта прывядзе да вызваленьня ўсіх. Гэта вельмі важна, каб кожны выйшаў на волю – гэта задача нумар адзін. А задача максымум – гэта зрабіць усё, каб мы гэты каток спынілі. Зараз мы ехалі сюды, у мяне была магчымасьць глядзець інтэрнэт і я бачыў, як, на жаль, у горшы бок мяняюцца лічбы на сайце «Вясны» – гэта тое, называюць новымі палітычнымі вязьнямі. І тое, што стала пэрманэнтным і руцінным, мы ў першую чаргу мусім скончыць.

Таму я вітаю і высілкі амэрыканскага боку, вельмі вітаю літоўскі бок, які ўсё зрабіў, каб мае калегі змаглі тут заставацца з сем’ямі і працаваць, і таксама вельмі вітаю ўкраінскі бок, які таксама ў гэтай гуманітарнай місіі. Нам сапраўды трэба гэта дыпляматычна вырашаць. Я разумею, што нам трэба зрабіць усё магчымае, каб рэжыму ў Менску было выгодна па розных меркаваньнях адпускаць палітычных вязьняў. Таму што жыцьці гэтых людзей у небясьпецы, яны сапраўды знаходзяцца ў цяжкіх умовах і мы павінны ставіцца да гэтага з вялікай адказнасьцю».

Уладзь Лабковіч
Уладзь Лабковіч
Пасведчанне асобы, якое Ўладзю Лабковічу выдалі замест пашпарту
Пасведчанне асобы, якое Ўладзю Лабковічу выдалі замест пашпарту

Таксама Ўладзь Лабковіч сказаў, што з дакумэнтаў, якія мае — толькі адна даведка ад КДБ, якую далі не яму асабіста ў рукі, а перадалі ўкраінскаму боку. Свайго прававога статусу ў Літве ён на гэты момант ня ведае.

Дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка адзначыў, што амэрыканцы асабіста папрасілі кіраўніка ўкраінскай выведкі Кірыла Буданава прыняць групу беларускіх палітвязьняў. І ён адказаў згодай. Украіна на некалькі дзён разьмясьціла вызваленых у сябе. Затым атрымалася дамовіцца з польскім бокам, які даў транзытны калідор, каб правезьці групу вызваленых у Літву. У Літве для экс-палітвязьняў зробяць часовыя дакумэнты, бо ўсе сапраўдныя дакумэнты ў вязьняў забралі яшчэ ў турме.

Як сказаў Вячорка, некаторых былых палітзьняволеных прыме Польшча.

«Частка палітвязьняў неўзабаве пачне афармляцца на пераезд у трэція краіны, напрыклад, у Нямеччыну, якая пагадзілася прыняць Калесьнікаву, Бабарыку, магчыма, яшчэ Гнаўк туды паедзе».

Павал Латушка, які вітаў экс-палітвязьняў у Варшаве, сказаў журналістам, што створаны каардынацыйны штаб, у які ўваходзіць шмат няўрадавых арганізацыяў, удзельнічае таксама Аб’яднаны пераходны кабінэт, праваабарончыя арганізацыі. У яго бліжэйшымі днямі адбудзецца сустрэча ва ўправе ў справах іншаземцаў у Варшаве, каб абмеркаваць магчымыя шляхі паскарэньня легалізацыі.

Тым часам ідзе збор грошай на прытулак для групы беларускіх экс-палітзьняволеных, якія прыбылі з Украіны ў Польшчу, пра што паведаміў музыка і арганізатар культурніцкіх імпрэзаў Сяржук Доўгушаў. За 2 дні трэба сабраць 5000 эўра, каб прытулак пачаў працаваць, — сказаў ён.

Прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў сацыяльнай палітыцы Вольга Зазулінская расказала, як быў зарганізаваны прыём выпушчаных зь беларускіх турмаў палітвязьняў.

Адгукнулася валянтэрская арганізацыя «Сустрэча», таксама на месца адправілася прадстаўніца АПК ва Ўкраіне. Каардынацыйныя штабы ў Вільні і Варшаве імгненна скаардынаваліся, даслалі ў Кіеў тэлефоны і гігіенічныя сродкі, патрэбныя лекі.

Кожнага чалавека пыталі, куды яны хочуць, у Польшчу ці Літву. Некаторыя мянялі рашэньні, але ў выніку 89 чалавек паехалі ў Польшчу і 20 у Літву. Да сустрэчы палітвязьняў далучыліся БАЖ, Беларуская асацыяцыя былых палітвязьняў, ПЭН-цэнтар і іншыя арганізацыі.

Цяпер арганізацыі і валянтэры будуць займацца легалізацыяй былых палітвязьняў у новых краінах. Пакуль людзей разьмясьцілі ў гатэлях. Неўзабаве ў многіх зь іх будзе магчымасьць сустрэцца зь сем’ямі.

«Ва Ўкраіне вельмі вялікую працу зрабіла ініцыятыва INeedHelpBy, фонд салідарнасьці BySol і наша прадстаўніца ва Ўкраіне Сьвятлана Шаціліна. Я асабіста ўдзячная байцам Палка Каліноўскага, якія адразу прыехалі, прывезьлі пару тэлефонаў, каб людзі хаця б па хвілінцы маглі зьвязацца з сваімі роднымі».

У складзе апошняй групы вызваленых 13 сьнежня зь вязьніцаў выйшлі 123 палітвязьні. Большая частка зь іх была адпраўленая ва Ўкраіну, Алеся Бяляцкага прывезьлі ў Літву.

У групе былі прадстаўнікі палітычнай апазыцыі Віктар Бабарыка і Марыя Калесьнікава, іхны паплечнік Максім Знак, праваабаронца-вясновец Уладзь Лабковіч, палітоляг Аляксандар Фядута, палітык Павал Севярынец і іншыя.

Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG