Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка параўнаў Украіну з Мэксыкай, каб апраўдаць ваенную агрэсію Расеі


У часе інтэрвію Аляксандра Лукашэнкі Грэце Ван Сустэрэн, жонцы спэцыяльнага пасланьніка прэзыдэнта ЗША ў Беларусі Джона Коўла, для тэлеканалу Newsmax. 13 сьнежня 2025
У часе інтэрвію Аляксандра Лукашэнкі Грэце Ван Сустэрэн, жонцы спэцыяльнага пасланьніка прэзыдэнта ЗША ў Беларусі Джона Коўла, для тэлеканалу Newsmax. 13 сьнежня 2025

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Ўкраіна нібыта сама аддала Расеі Крым, а вайна пачалася значна пазьней праз «прыгнечаньне расейскамоўнага насельніцтва».

«Ніякай вайны ў Крыме не было. Сёньня Зяленскі і ўлады ўкраінскія кажуць, што Крым украінскі. Яны кажуць, што вайна пачалася (з Крыму. — РС). Вайна — калі лоб у лоб з зброяй у руках ваююць два бакі. У Крыме не было ніводнага стрэлу з боку ўкраінцаў. Ну а расейцам навошта было страляць, калі яны занялі і вызвалілі, як яны кажуць, Крым? Страляць ня трэба было, таму што за Крым ніхто не ваяваў», — працытавала Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА зь ягонага інтэрвію Грэце Ван Сустэрэн, жонцы спэцыяльнага пасланьніка прэзыдэнта ЗША ў Беларусі Джона Коўла, для тэлеканалу Newsmax.

Гэтае выказваньне не адпавядае рэчаіснасьці. Крым у 2014 годзе захапілі расейскія вайскоўцы, якія былі апранутыя ў вайсковую форму без апазнавальных знакаў. Пры штурме вайсковых частак Узброеных сіл Украіны яны застрэлілі некалькіх украінскіх вайскоўцаў і затрымалі некалькіх украінскіх камандзіраў, каб яны не маглі арганізаваць супраціў.

Адказваючы на пытаньне, чаму Ўладзімір Пуцін пайшоў на вайну супраць Украіны, Лукашэнка выкарыстаў фальшывы расейскі прапагандысцкі стэрэатып аб тым, што ва Ўкраіне нібыта «прыгняталі расейскамоўнае насельніцтва, а ў Адэсе і ўвогуле спалілі такіх людзей».

Пры гэтым Лукашэнка параўнаў Украіну з Мэксыкай, якую, на ягоную думку, ЗША сьцерлі б ушчэнт, калі б там парушалі правы грамадзян з праамэрыканскімі пазыцыямі.

«Крый Божа, вядома. Я проста як прыклад гэта сказаў», — дадаў ён.

«Калі ты жывеш побач з гэтым „сьпячым мядзьведзем“, ну не будзі яго, знайдзі нармальныя дачыненьні», — сказаў ён, і згадаў, што Ўкраіна атрымлівала танныя энэргарэсурсы з Расеі.

«Не, трэба было зладзіць, не без дапамогі амэрыканцаў, і асабліва эўрапейцаў, гэты Майдан. Перавярнулі ўсё, зрынулі дзейнага прэзыдэнта, ён (Віктар Януковіч) вымушаны быў пакінуць краіну. І іншае, іншае, іншае. Шмат можна такіх прычынаў назваць. І яны будуць не на карысьць Украіны», — прадоўжыў ён пералічваць прычыны расейскага ўварваньня.

Цяпер Лукашэнка перакананы, што Пуцін нібыта хоча міру.

«Я цяпер упэўнены, што Пуцін хоча міру. Ня буду называць прычыны. Вы іх добра ведаеце. Гэта і ўнутраныя, і вонкавыя. Таго самага хоча і Зяленскі. Упэўнены. Асабліва цяпер. Ён хоча міру. Але іхныя погляды на тое, чым павінна завяршыцца вайна, розныя», — адзначыў ён.

Паводле яго, калі цяпер вайну ва Ўкраіне не спыніць, то яна можа перарасьці ў глябальны канфлікт з выкарыстаньнем усіх відаў зброі.

«Таму трэба патушыць, пакуль магчыма. Цяпер, як ніколі ёсьць такая магчымасьць, калі амэрыканцы сур’ёзна падключыліся да гэтага пытаньня», — заявіў Лукашэнка.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG