Па гэтым пытаньні паспрачаліся сталы прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў пытаньнях нацыянальнага адраджэньня Павал Баркоўскі і старшыня Рады Цэнтру новых ідэяў Антон Раднянкоў.
На мінулым тыдні адбылося вызваленьне 123 беларускіх палітвязьняў, сярод якіх вядомыя фігуры апазыцыі — Марыя Калесьнікава, Алесь Бяляцкі, Віктар Бабарыка, Павал Севярынец. Вызваленая Калесьнікава на прэсавай канфэрэнцыі падзякавала за свабоду прэзыдэнту ЗША Дональду Трампу, прэзыдэнту Ўкраіны Уладзіміру Зяленскаму, а таксама Аляксандру Лукашэнку «за тое, што ён зрабіў магчымым нашае вызваленьне». Гэтая заява выклікала пытаньне: каму насамрэч варта дзякаваць за вызваленьні? Ці гэта выключна заслуга амэрыканскай дыпляматыі новай адміністрацыі Трампа, ці тут ёсьць роля эўрапейскіх санкцыяў і беларускіх дэмакратычных сілаў?
Зьмены падыходу: ад ізаляцыі да прагматызму
Антон Раднянкоў падкрэсьліў, што галоўная заслуга належыць адміністрацыі ЗША і прэзыдэнту Дональду Трампу:
«Я лічу, што ў першую чаргу гэта вынік дзеяньняў адміністрацыі Злучаных Штатаў Амэрыкі, прэзыдэнта Дональда Трампа. Без зьмены падыходу гэтага ўсяго не было б».
Паводле яго, стары падыход Захаду, заснаваны на міжнароднай ізаляцыі Лукашэнкі і ўвядзеньні новых пакетаў санкцыяў, не спрацаваў і ператварыўся ў рутыну. Новая адміністрацыя Трампа перайшла да прагматычных крокаў. Раднянкоў адзначыў, што ЗША не вельмі хвалююць палітвязьні ў Беларусі самі па сабе, але іх моцна турбуе вайна ва Ўкраіне і магчымасьць яе спыненьня. Менавіта гэта стала трыгерам падзеяў апошняга паўгодзьдзя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вы церпіце ад агрэсіі і цалкам маеце рацыю». Беларускія палітвязьні ў размове зь Зяленскім запэўнілі яго ў сваёй падтрымцы ЎкраіныРазьмеркаваньне роляў паміж ЗША і ЭЗ ці сутыкненьне падыходаў?
Павал Баркоўскі пагадзіўся, што зараз адбываецца тое, што можна было зрабіць раней, але працэсы высьпявалі паступова:
«Калі б не было санкцыяў, запанкамі зь Белага дому немагчыма было б дамагчыся гэтых вызваленьняў».
Ён падкрэсьліў, што адміністрацыя Трампа ўзяла на сябе цяжкую працу перамоваў з рэжымам у Менску. На думку Баркоўскага ў гэтай канфігурацыі Эўразьвяз адыгрывае ролю «кепскага паліцэйскага», працягваючы казаць пра немагчымасьць прамога дыялёгу і ўводзячы новыя санкцыі.
Гэтую пазыцыю падтрымліваюць і тыя дэмакратычныя сілы, да якіх адносіць сябе Баркоўскі:
«Ёсьць прынцыповыя моманты, якія не павінныя быць здадзеныя без таго, каб у Беларусі пачалася сапраўдная зьмена сытуацыі».
Ён сказаў, што дэмсілы пастаянна камунікуюць з эўрапейскімі і амэрыканскімі партнэрамі, сынхранізуюць паведамленьні і разглядаюць санкцыі як інструмэнт для вызваленьня людзей. На пытаньне аб практычным удзеле дэмсілаў у вызваленьнях Баркоўскі адказаў: ідуць пастаянныя кансультацыі па сьпісах кандыдатаў на вызваленьне, абмеркаваньні магчымых саступак і прынцыповых пазіцыяў, якія трэба захоўваць.
Ці перашкаджае Эўразьвяз палітыцы Трампа?
Раднянкоў мяркуе, што Трамп засяроджаны на міры ва Ўкраіне, без жаданьня паразы Расеі — у адрозьненьне ад ЭЗ. На думку Раднянкова такі падыход дае магчымасьць выратаваньня і Пуціну і Лукашэнку, апошняму — магчымасьць выйсьці з канфлікту не суагрэсарам, а партнэрам па спыненьні вайны. Трамп размаўляе з усімі, нават з ХАМАС, і дамогся на Блізкім Усходзе пэўных вынікаў — кажа Раднянкоў. Цяпер падобнае адбываецца з Лукашэнкам. Раней падыход быў як да гульні з нулявой сумай, а зараз — як да гульні, дзе ўсе могуць нешта выйграць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Бабарыканцы» і «ціханоўцы»: ці рассварыцца беларуская апазыцыя. Палітыка з Дракахрустам